Смяяцца не грэх

Духовность

Нядаўна народны тэатр мініяцюр «Сборная нашего города»(кіраўнік Наталля Пацянкоўская) і тэатр гульні «Ігрык» (Дар’я Ахламёнак) Верхнядзвінскага РДК прынялі ўдзел у ХІ абласным свяце гумару «Смяяцца не грэх», якое праходзіла ў г. Шуміліна.

Амаль трыццаць калектываў і індывідуальных выканаўцаў выступілі перад строгім журы за два дні свята. У фае Шумілінскага ГДК разгарнуліся выстава-кірмаш «Наш тавар лепшы», выстава «Карыкатуры з натуры» — гумарыстычных парадыйных тантамарэсак (стэндаў для фатаграфавання), у якіх прыняў удзел і верхнядзвінскі «Ігрык». На галоўнай сцэне свята іскрылася феерыя з гумарэсак і баек, анекдотаў і тэатралізаваных пастановак, відэафільмаў і музычных нумароў, са шматслоўем і зусім без слоў, пад фанаграму і ў жывым выкананні, але ўсё з гумарам, смехам, патокамі радасці і энергіі, якія літаральна абрынуліся на гледачоў. Удзельнікі народнага юнацкага тэатра мініяцюр «Сборная нашего города» прадставілі на суд журы музычнае папуры «Добро пожаловать или посторонним В», якое праляцела на адным дыханні. Гумар і артыстычнае выкананне праграмы «СНГ» дапамаглі ўдзельнікам калектыву заваяваць ганаровае ІІ месца, абыйшоўшы ў творчым спаборніцтве каманды з Лепеля, Гарадка, Міёр, Глыбокага, Браслава. За дапамогу ў арганізацыі паездкі нашы гумарысты шчыра дзякуюць начальніку аддзела культуры райвыканкама Т.В.Сыраватнікавай, дырэктару Верхнядзвінскага РДК В. Д. Хадорчанка і дырэктарам школ нашага горада.

Наш кар.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *