У бліжэйшую суботу ў Верхнядзвінску адбудзецца рэгіянальнае свята мастацтваў «Двина-Дзвіна-Daugava».
Верхнядзвінцам і гасцям раёна трэба планаваць свае справы так, каб у суботу абавязкова трапіць на папулярны фестываль, які сёлета пройдзе ў пятнаццаты раз!
Праграма фестывалю, што адбудзецца ў раённым Доме культуры і на плошчы Юбілейнай, абяцае быць як ніколі насычанай і цікавай.
Ужо ў чацвер у РДК адкрыецца пленэр-конкурс юных мастакоў «На хвалях натхнення».
У дзень фестывалю, 25 мая, з 11 гадзін на плошчы пачне работу «Дзіцячы кірмаш», на якім будуць прадстаўлены выставы дэкаратыўна-прыкладнога дзіцячага мастацтва, юных мастакоў, Верхнядзвінскай ЦБС і майстэрняў «Святочны грым» і «Беларуская лялька».
З гэтага ж часу на плошчы пачнуць працаваць выставы сельскіх Саветаў «Беларускі смак» і вытворчых прадпрыемстваў раёна «Гэта наш прадукт», гандлёвыя рады райпо і атракцыёны.
Конкурс тэатраў мод пройдзе з 11 да 13.30 у РДК пад дэвізам «Кірмаш ідэй: традыцыі і сучаснасць».
З 12 да 14 гадзін і з 17 да 18 гадзін на плошчы адбудуцца конкурсы культарганізатараў «Вясёлкавы карагод».
На 14 гадзін запланавана ўрачыстае адкрыццё рэгіянальнага дзіцячага свята мастацтваў «Двина-Дзвіна-Daugava». З 15 да 17 гадзін будзе доўжыцца агляд-конкурс дзіцячага вакальнага мастацтва «На крылах часу».
Цырымонія ўзнагароджання і закрыцця фестывалю намечана на 18 гадзін.
Не прапусціце яркае і насычанае свята, якое шчодра адорвае сваіх удзельнікаў добрым настроем!