Незвычайная падзея адбылася ў Верхнядзвінскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — вечныя шлюбы манаства склаў наш зямляк Андрэй Шэстакоў.
Калі сустракаеш настолькі рэдкі і асаблівы выбар, заўсёды ўзнікае пытанне: што прывяло маладога чалавека да такога сур’ёзнага рашэння? Адказы бываюць рознымі: высокадухоўная рэлігійная падрыхтоўка ў сям’і, глыбокае перакананне ў сваім пакліканні, расчараванне ў свецкіх рэаліях. Але выпадак з Андрэем Шэстаковым не трапляе пад агульнапрынятыя меркі.
Ураджэнец Санкт-Пецярбурга, Андрэй Шэстакоў рана застаўся без апекі бацькоў. На той час, калі дзеці былі пакінуты без догляду, ён з сястрой знаходзіўся ў нашым раёне. Малых накіравалі ў аздараўленчы лагер пры Каханавіцкай бальніцы. Так Андрэй пазнаёміўся з урачом бальніцы, вядомым у раёне аматарам здаровага ладу жыцця, кіраўніком клуба «Белыя вароны» Пятром Пятровічам Квяцінскім. Гэты неардынарны чалавек і стаў для яго, свайго роду, пуцяводнай зоркай, што асвяціла далёка не радасны шлях дзяцінства. Пётр Пятровіч, які збіраў пад дахам клуба і ў сваім сэрцы многіх абдзеленых лёсам дзяцей, вельмі спачуваў хлопчыку. Расказвае, што заўважыў незвычайна светлую душу Андрэя, яго ўнікальнасць. Хлопчык аказаўся надзвычай здольным, цудоўна маляваў, любіў прыроду і проста выпраменьваў дабрыню.
Калі ў 1996 годзе дзяцей змясцілі ў Сенненскі інтэрнат, Пётр Пятровіч атрымаў у органах апекі дазвол забіраць малых на канікулы. Андрэй прыязджаў у Каханавічы па некалькі разоў на год. Гасціў і ў бацькоў Пятра Пятровіча ў Полацку — людзей вельмі пабожных. Так ад сваіх апекуноў атрымаў разуменне веры, пачаў хадзіць у касцёл. У святыні сустрэў добрых людзей, якія прынялі ўдзел у яго жыцці. Духоўным настаўнікам Андрэя стаў святар Томаш Юньчык, хроснымі бацькамі — тагачасны старшыня касцёльнай рады Анна Станіславаўна Рудлеўская і чалавек, якога лічыць сапраўдным бацькам, — Пётр Пятровіч Квяцінскі.
Паступова выспела жаданне быць у той сям’і, якая шчыра прыняла яго і стала роднай — сям’і братоў-капуцынаў. Нельга сказаць, што рашэнне было адназначным. Усё ж вельмі няпроста адмовіцца ад свецкіх звычак. Андрэй вагаўся, прыглядаючыся да манаскага жыцця і «прымяраючы» яго да сябе. Аднак наканаваны Богам шлях, а менавіта Ён абірае сабе слугаў, пераважыў спакусы свету. Андрэй прайшоў неабходныя для манаскага стану этапы падрыхтоўкі: два гады пастулату ў Докшыцах і пад Варшавай і чатыры гады навіцыяту ў Любліне. А месцам складання вечных шлюбаў выбраў родны касцёл у Верхнядзвінску, дзе яго сардэчна прынялі пробашч айцец Тадэвуш Кавальскі і землякі.
На ўрачыстасць прыбылі Генеральны вікарый ордэна Меншых Братоў Капуцынаў Стэфан Кожух з Італіі, выкладчык Люблінскай семінарыі айцец Рафал, віцэ-правінцыял ордэна Капуцынаў на Беларусі Андрэй Жылевіч, святары і браты з іншых парафій. З пажаданнямі шчаслівай службы і падарункамі прыйшлі ў касцёл начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н.Г.Кісялевіч, галоўны спецыяліст аддзела А.Г.Татарчук, духоўныя настаўнікі і хросныя бацькі. Удзел у святочнай службе прымалі многія парафіяне, якія з маленства ведаюць Андрэя і перажываюць за яго.
У прамове да вернікаў айцец Стэфан Кожух адзначыў, што чалавек ніколі не бывае адзінокім — ён у блізкіх адносінах з самім Богам, які стварыў яго на сваё падабенства. Праз манаскую супольнасць брат Андрэй атрымаў магчымасць як мага бліжэй адчуваць гэта радство. Айцец Андрэй Жылевіч і браты- капуцыны запэўнілі, што ў манаскай сям’і ён заўсёды будзе мець падтрымку, разуменне і абарону.
Кранальны абрад пасвячэння ў манаскую супольнасць, калі Андрэй паставіў свае подпісы пад галоўнымі абетамі ордэна — паслушэнства, сціпласці і чысціні,завяршыўся братэрскімі абдымкамі і віншаваннямі. Брат Андрэй падзякаваў усім за тое, што раздзялілі з ім асаблівую падзею ў жыцці, якую лічыць радаснай і жаданай. Ён упэўнены, што зрабіў правільны выбар.
Міжволі ўзгадваецца расказ Пятра Пятровіча аб тым, як дзівіліся ўсе здольнасці Андрэя лавіць рыбу. Ён прыносіў улоў нават з тых вадаёмаў, дзе, здавалася б, няма нічога жывога. Вылавіў ля Боркавіч сома, аб якім у наваколлі толькі хадзілі паданні. А на роспыты акружаючых жартаваў, што робіць як у падоранай хросным бацькам кнізе аб Антоніі Падуанскім — размаўляе з рыбамі. Гэта здольнасць здаецца Пятру Пятровічу невыпадковай. У Евангеллі Хрыстос паклікаў рыбакоў за сабой, каб зрабіць «лаўцамі душ чалавечых». Простыя людзі сталі Апосталамі самога Бога. Ці не дае Усявышні кожнаму з нас свой шанц, які мы павінны выкарыстаць…
Яніна Пакульневіч.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.