Да Маці Божай Будслаўскай

Актуально Духовность

5-6 ліпеня ў Будславе Мядзельскага раёна адбудуцца вялікія ўрачыстасці з нагоды 400-годдзя знаходжання на беларускай зямлі абраза Маці Божай.


Абраз Маці Божай Будслаўскай з’яўляецца адным з найбольш ушаноўваемых у каталіцкім касцёле і славіцца шматлікімі цудамі. Штогод да яго накіроўваюцца пілігрымы з розных куткоў краіны і замежжа, якія шукаюць у цудатворнай Маці дапамогі ў розных патрэбах, аздараўлення, благаслаўлення і абароны ад нягод. Сёлета, у 400-гадовы юбілей знаходжання абраза у Будслаўскай святыні, да яго скіруюць свае шляхі каля 50 тысяч пілігрымаў, з іх 3-4 тысячы прыйдуць пешшу. Удзел ва ўрачыстасцях прымуць каталіцкія біскупы Польшчы, Украіны, Румыніі і Італіі.
З Мінскага Архікатэдральнага сабора Найсвяцейшай Дзевы Марыі 1 ліпеня пачалося ХХІІІ пешае паломніцтва Мінск-Будслаў. З больш далёкіх гарадоў пілігрымы выйшлі яшчэ раней. У пешым паломніцтве ў Будслаў прымае ўдзел верхнядзвінская моладзь. 5 ліпеня з райцэнтра ў Будслаў накіруецца таксама аўтобус з групай верхнядзвінскіх вернікаў.
Благаслаўляючы пілігрымаў у дарогу, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў Богаслужэнне і адзначыў, што мэтай паломніцтва з’яўляецца яднанне чалавека з Богам. «Сёлетнія юбілейныя будслаўскія ўрачыстасці адбываюцца ў Год веры, — падкрэсліў мітрапаліт. — Іх тэма — «Марыя — Маці нашай веры», што напамінае пра імкненне праз Марыю прыйсці да Езуса, каб абнавіць і ўмацаваць нашу веру».
Папа Рымскі Францыск у знак салідарнасці і падтрымкі накіраваў на ўрачыстасці ў Будслаў свайго легата — кардынала Жан-Луі Тарана, які будзе весці святочную Імшу. Важнай падзеяй урачыстасцей стане завяршэнне перагрынацыі (падарожжа) копіі абраза Маці Божай Будслаўскай па Беларусі. З гэтай нагоды ў прысутнасці кардынала Тарана будуць асвечаны Крыж і Памятны знак. Акрамя таго, у дні святкавання юбілею ў Будслаў прыбудуць рэліквіі святой Тэрэзы.
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *