Якія магчымасці ў аграэкатурызма?

Актуально Общество

Каб пабачыць незвычайнае ў звычайным, не варта штурмаваць інтэрнэт у пошуках заморскай экзотыкі, бо яно зусім блізка — у вёсцы Стралкі. Наваколле тут не вызначаецца нейкай адметнасцю: палі, акаймаваныя паласой лесу, крыжавіна старых дарог ды ручаіна Вужынец, што прабіраецца праз трыснягі з возера, якое разлеглася ў нізкіх балоцістых берагах. Вёска пад націскам часу паціху старэе, але не здаецца. Зачынены школа-васьмігодка і клуб, але працуе бібліятэка, дамы выглядаюць спраўна, а ў самым цэнтры, насупраць Сцяны Памяці, запрашае да сябе маляўнічы будынак кафэ-гасцініцы. Праўда, рэжым працы гэтай установы сціслы і няўстойлівы, падарожнаму не гарантуецца грунтоўны адпачынак з сучаснымі паслугамі.
Усё гэта затое ёсць у зацішным кутку вёскі, дзе на самы яе ўскраек наступаюць палі. Аграсядзіба, якая вырасла на звычайным вясковым падворку, мае інтрыгоўную назву — «Ноеў каўчэг» — і цалкам яе апраўдвае. Сапраўды, у моры будзённага жыцця створанае гаспадарамі Смыкавымі ўсімі сваімі рысамі сцвярджае біблейскую ісціну аб непераможнай жыццядайнасці рупнай працы чалавечых рук, розуму і гуманістычных памкненняў.
Аляксандр Смыкаў, малады энергічны чалавек, каранямі з вядомага дрысенскага роду Драздовых. У сціплыя Стралкі ён прыехаў, узброены не толькі спецыяльнымі ведамі ў ветэрынарыі і эканоміцы, але і перанятай у перадавых краінах свету практыкай гаспадарання. Жаданне стварыць на радзіме сучасны вясковы кут падзяляла ад самага пачатку і Ірына — яго жонка, сябар і правая рука.
Набыўшы ў Стралках звычайны калгасны дом, маладая пара пачала ажыццяўляць свае планы, над якімі ўсе пасмейваліся, але ў якіх тым часам не было прадугледжана звычнага для нас «расслабону», была толькі праца — сістэмная, нястомная, падчас чорная, але дружная.
Праз нейкі час у раённай газеце пачалі з’яўляцца звесткі пра Смыкавых як гаспадароў экзатычнага падворку, дзе пасяліліся нейкія віслабрухія свінні і нават страусы. Пасля на свет выйшла інфармацыя пра свінагадоўчую гаспадарку «Смыкадзіраўская», створаную ў Дубровах, і, нарэшце, у буклетах сцвердзілася назва сядзібы «Ноеў каўчэг».
Каўчэг сапраўды ёсць на сядзібе. Гэты вялікі, прыгожы дом-карабель — адзін з некалькіх будынкаў у «міні-гарадку» Смыкавых. Абсталяваны для лёгкага адпачынку, ён прымае на свой борт вялікі гурт гасцей. Найбольш любяць у ім бавіць час за гульнямі дзеці. На той дзень, калі я знаёміўся з сядзібай, тут з задавальненнем гасцявалі школьнікі з Асвеі. Як выявілася, прымаць дзяцей — сапраўдная маральная асалода для гаспадыні Ірыны. У сям’і двое малых — дзесяцігадовая Карына і трохгадовы Вова. Ірына па сваім характары — цудоўны дзіцячы псіхолаг. З ёй дзецям утульна і цікава. Як прызналася гаспадыня «каўчэга», экзатычнае начынне падворка і стваралася найперш у разліку на дзяцей, з мэтай пашырэння іх ведаў пра шырокі свет, яго прыроду, абуджэння цікаўнасці да наваколля. Заадно вырашаецца задача выхавання правільных паводзін у калектыве, камунікабельнасці і таварыскасці, уважлівасці да сяброў і братоў меншых.
Вельмі здзівіла «непрактычнасць» Смыкавых у зносінах з дзецьмі — групы вучняў і дашкольнікаў, нярэдкія на сядзібе, гасцююць тут «за так»; больш за тое, Ірына ўспрымае такія візіты як узнагароду для сябе і ўласных дзетак. Па малых Смыкавых было відаць, што гуляць з прыезджымі рабятамі ім цікава і прыемна, абодва бакі не адчуваюць ніякіх комплексаў, адразу трапляючы ў атмасферу прыязнасці і цеплыні.
Між тым Ірына, як прыроджаны педагог, не пускае вабленне часу дзяцей на самацёк — у яе для малых штораз запланавана цэлая выхаваўчая праграма, узгодненая з выхавальнікамі — кіраўнікамі груп. Рухомыя і пазнавальныя гульні змяняюцца экскурсіяй у вальеры і птушнікі, дзе жывуць страусы, паўліны, фазаны, дзе нават куры маюць незвычайны воблік, зусім не падобны да нашых нясушак. У спёку ці ў дождж частка часу бавіцца пад даверлівыя гутаркі ці чытанне ў «каўчэгу». Нарэшце, у цэнтры праграмы стаіць і нешта важнае. Напрыклад, падчас майго візіту, які адбыўся таксама па запрашэнні гаспадароў, тут адбывалася сустрэча з шаноўнай госцяй 90-гадовага ўзросту, былой настаўніцай з Каханавіч Кацярынай Антонаўнай Маліноўскай. Ветэранка вайны і працы — выдатная апавядальніца, у сваёй гутарцы яна як педагог не забывае акцэнтаваць увагу дзяцей на маральных высновах сказанага, па праву старэйшага пакалення дае ім наказ быць сумленнымі ў жыцці і працы, любіць свой родны кут і расці патрыётамі.
Пасля майго адказнага выступу перад дзеткамі з вершамі прыемна ўразіла вялікая колькасць пытанняў, якія пасыпаліся з боку цікаўнай аўдыторыі. Гэта даволі рэдкая ў наш час з’ява засведчыла, што ў дзяцей высілкамі асвейскіх педагогаў, бібліятэкараў і гаспадыні Ірыны выхаваны каштоўныя якасці чытача і слухача і ім не пагражае небяспека трапіць у палон прымітыўных віртуальных зносін, якія пануюць у «Кантакце», дзе маладыя людзі з гонарам аб’яўляюць, што яны не маюць улюбёных кніг, не любяць і не збіраюцца чытаць.
Пасля ад’езду гасцей гаспадары — то Саша, то Ірына,- не пакідаючы сваіх будзённых турбот, паспелі зладзіць для мяне экскурсію па сядзібе, патлумачыўшы функцыянальнае прызначэнне розных аб’ектаў і даўшы мне поўную волю на дэталёвае вывучэнне іх змесціва. Асабліва ўразіла ідэальная чысціня, якая панавала ў двары і стайнях, у вальерах і на градках, у доме, лазні, гасцёўні — паўсюль, куды ні кінеш вока.
Затым я меў асалоду адпачыць у светлых пакоях галоўнага дому, дзе сучаснае абсталяванне і густоўны дызайн паказваюць, як можна прыстасаваць для зручнага жыцця звычайны калгасны будынак — такіх у Стралках цэлыя вуліцы. За абедзенным сталом пазнаёміліся з сябрамі і гасцямі сядзібы, ацанілі выдатныя кулінарныя здольнасці Ірыны, пагутарылі, пажартавалі і нават адвялі душу не пад нейкі рытмічны грукат, а пад уласныя лірычныя спевы.
Цягам дня Аляксандр расказаў пра сваю гаспадарку, яе набыткі і праблемы, падзяліўся планамі. Некаторыя з іх хто-небудзь назваў бы дзіцячай рамантыкай. Напрыклад, Саша хоча стварыць басейн, пачысціўшы зацягнутую цінай сажалку, надаць прылегламу кустоўю выгляд і зручнасці невялікага сквера. Ірына ж заклапочана пошукам пазнавальнага для сядзібы брэнда, які зрабіў бы яе адметнай і прывабнай для гасцей і турыстаў. Наваколле Стралкоў насычана помнікамі археалогіі і вайны, прыродныя аб’екты апетыя ў фальклоры, але ўсё гэта рассеяна ў прасторы, і гаспадыня думае, як найлепш звязаць іх у адзін цікавы экскурсійны маршрут. На сённяшні дзень з паслуг «Ноевага каўчэга», акрамя здаровага адпачынку і харчавання на сядзібе, найбольш прывабнымі з’яўляюцца выезды на рыбалку на возера Лісна, якія гаспадар ладзіць для гасцей на ўласным транспарце.
Я не мог адмовіцца ад начлегу на сядзібе, бо дзённае наведванне лазні і гасціннага дома правакавала аддацца асалодзе ў іх абдымках. Лазня з суперпарылкай, душам, холам і верандай, з прыемным цырыманіялам самога працэсу падрыхтавала да дружнага чаявання, а затым да салодкіх абдымкаў Марфея ў адным з пакояў на другім паверсе гасцявога дома, дзе панаваў водар дрэва і паўсюдны дух свежасці і чысціні. Апошняй думкай, якая засвяцілася перад сном, была выснова: «А можна ж, можна ўсё, калі пажадаеш!»
Назаўтра зранку мне было прапанавана дакрануцца сузіральнікам да гаспадарчых клопатаў Смыкавых. Была субота, базарны дзень, і а шостай раніцы гаспадары даўно ўжо непрыкметна займаліся справамі. Частуючы мяне свежым сняданкам, Ірына прызналася, што звычайны рытм дня ў іх — традыцыйны для старой беларускай вёскі: ад сонца да сонца. Большасць сучасных вяскоўцаў ужо з «жаваранкаў» пераладзіліся ў «совы», бо не трымаюць кароў, якіх трэба ганяць на пашу ды рупіцца на сенакосе. Таму Смыкавых можна ў гэтым плане лічыць «несучаснымі»; пад прыпар жа на абсталяванні свінафермы і давядзенні яе да ладу Аляксандр начамі наогул не наведваў роднай хаты. Зараз гаспадарка адладжана, і я мог бачыць плён яе дзейнасці ў выглядзе свежых туш, вяндліны і «напханых пальцам» на маіх вачах кілбас, якія на рынку можна заспець толькі раннім ранкам, бо пра незвычайнае смакоцце гэтага вырабу ўжо шырока вядома і без рэкламы.
У візітцы ж Смыкавых, акрамя тэлефонных нумароў, паведамляецца, што сядзіба «Ноеў каўчэг» рэкламуе камфортнае размяшчэнне, экзатычных птушак, рыбалку, адпачынак і кухню, а фермерская гаспадарка «Смыкадзіраўская» прапануе мяса свініны, парасят і кілбасы. Я б раіў паспытаць усё прапанаванае ў комплексе. Дадаткам да пералічанага будуць ненавязлівая і шчырая гасціннасць гаспадароў, само знаёмства з гэтымі адукаванымі, цікавымі, энергічнымі, а ўвогуле — незвычайнымі людзьмі.
Антон БУБАЛА.
НА здымку: сустрэча на сядзібе Смыкавых. Злева ў першым радзе К. А. Маліноўская, у цэнтры — Ірына з сынам Вовам.



4 комментария по теме “Якія магчымасці ў аграэкатурызма?

  1. Люблю моих Смыковых! Трудолюбивые и славные люди! Широкая душа, бесконечно любящие сердца, гостеприимны, щедры и всегда оптимисты!

  2. НЕ будет перспектив в любой отрасли если при наборе в Гугле нужных слов не появится в первой странице данные о вас.Шевелитесь,иначе никому вы будете не нужны.

  3. А хозяйство в Дубровах у них не пострадало от африканской чумы? А то всякое говорят, что 100 свиней уничтожили в
    дубровах, что они сами сдохли и т.д. Не дай Бог.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *