Новыя ідэі «Бе-La-Руси»

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

У дваццаць другі раз моладзь трох краін — Беларусі, Расіі і Латвіі — сустрэлася ў Міжнародным лагеры «Бе-La-Русь». І няхай надвор’е не расшчодрылася на сонечнае святло і цеплыню, іх удосталь хапала ў сэрцах гасцей і гаспадароў.
Сёлета тут сабраліся і сённяшнія ўдзельнікі маладзёжнага руху, і тыя, хто стаяў ля яго вытокаў
.

Чаму б не паласавацца марожаным, пакуль мама і тата ўдзельнічаюць у конкурсах?

Арганізатар сустрэчы — Цэнтральны Камітэт БРСМ — пастараўся зрабіць усё магчымае, каб яна прайшла ярка і запамінальна. Кожны год вызначаецца пэўная тэма, сёлета ў цэнтры ўвагі — «100 ідэй для Бе-La-Русі-2013». З усіх, прапанаваных удзельнікамі для рэалізацыі, будуць выбраны тры, якія — пакуль невядома.
Падчас адкрыцця лагера адбыліся пасвячэнне навічкоў і святочны канцэрт.
На працягу чатырох дзён юнакі і дзяўчаты актыўна спаборнічалі ў разнастайных мерапрыемствах — армрэстлінгу, дартсе, гулялі ў футбол і валейбол, перацягвалі канат, а ўвечары іх чакалі дыскатэкі. Прайшоў конкурс бівуакаў, у ходзе якога кожны лагер прэзентаваў творчы нумар, дзейнічалі разнастайныя выставы, дзе былі прадстаўлены вырабы народных майстроў, удзельнікаў лагера — вязаныя рэчы, карціны, вырабы з саломкі.
А колькі гледачоў і балельшчыкаў сабраў конкурс на лепшую пару «Бе-La-Русі»! Яркія вобразы рамантычных літаратурных і гістарычных герояў пакінулі незабыўныя ўражанні.
Цэнтральнай падзеяй фестывалю, як заўсёды, стала традыцыйная сустрэча на Кургане Дружбы моладзі і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.


Падчас урачыстага мітынгу да помніка загінуўшым прош-каўскім падпольшчыкам былі ўскладзены вянкі і кветкі. Верхнядзвінскую дэлегацыю, у якую ўвайшлі члены валанцёрскага атрада і маладзёжны атрад аховы правапарадку раёна, узначалілі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны П. Баярын, У. Дашчонак, І. Пудаў разам са старшынёй ветэранскай арганізацыі М. Дабранавым. Хвілінай маўчанння прысутныя ўшанавалі памяць тых, дзякуючы каму мы маем магчымасць жыць пад мірным небам і штогод сустракацца на Кургане Дружбы.
Ветэраны і ўсе жадаючыя наведалі музей баявой славы.
Для забеспячэння парадку, бяспекі і патрэб лагера дзейнічалі верхнядзвінскія службы РАУС, хуткай дапамогі, пагранічная служба і райспажыўтаварыства.
Сёлета ўпершыню ў якасці валанцёраў выступілі члены клуба юных маракоў «Гардэмарыны», якія дапамагалі забяспечваць парадак на тэрыторыі лагера, прыводзілі ў належны стан помнік камсамольцам-падпольшчыкам в. Прошкі.
Прыехаць на маладзёжны Курган — цудоўная магчымасць не толькі развіваць міжнародныя адносіны, але і абмяняцца вопытам, набыць новыя знаёмствы і проста цікава правесці вольны час.
Атмасфера ўрачыстага закрыцця лагера выклікала розныя пачуцці. Чатыры дні праляцелі нібыта імгненне, і шкада было раставацца. Аднак праз год пакліча новая сустрэча — будуць новыя знаёмствы і ўражанні, забавы і спаборніцтвы, а значыць — працягнецца цудоўная традыцыя міжнароднага маладзёжнага руху.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *