1 верасня — Дзень беларускага пісьменства

Актуально Общество

-Вось гэтыя выданні, — гаворыць загадчык Шайцераўскай сельскай бібліятэкі З. М. Рудкоўская, — складаюць аснову выставы да Дня беларускай пісьменнасці.
І паказвае кнігі айчынных аўтараў. Сярод іх — творы класікаў, Уладзіміра Ліпскага, Аляксея Дударава, нашага земляка Эдуарда Зубрыцкага, зборнік «Вітаю цябе, беларуская кніга!» і многія іншыя. Усе разам яны складаюць прывабную кампазіцыю, зіхацяць па-мастацку аформленымі вокладкамі.
-Зінаіда Міхайлаўна, а ці карыстаецца беларуская літаратура попытам сярод мясцовых чытачоў?
-Безумоўна. Вяскоўцы перачытваюць Янку Купалу і Якуба Коласа, цікавяцца навінкамі. А іх, дарэчы, у апошні час паступае шмат. Дзякуй за гэта загадчыку аддзела камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі Т. Ф. Суздаленка. Па-першае, Таццяна Фёдараўна аператыўна выконвае заяўкі з месц, па-другое, уважліва сочыць за тым, каб сельскія жыхары заўсёды мелі магчымасць азнаёміцца з сучаснай літаратурай.
-Хто часцей за іншых наведваецца ў бібліятэку?
-Пенсіянеры. І гэта зразумела, бо эканамічна актыўная частка насельніцтва ў пастаянных клопатах: сяўба, касавіца, уборка, зноў сяўба, зімоўка жывёлы. А хатняя гаспадарка? Так што ў ветэранаў больш вольнага часу. Асабліва часты і жаданы госць — М. М. Шыпіла, былы токар. Ён цікавіцца ўсім беларускім — навукай, гісторыяй, культурай. Шмат чытае сам, чытаюць жонка, дзеці і ўнукі, якія прыязджаюць на канікулы.
Адметна, што Мікалай Мікалаевіч заўсёды прыходзіць з канкрэтнай мэтай. Напрыклад: «Дайце, калі ласка, кнігу аб культуры Беларусі сямнаццатага стагоддзя».
Заўважце, што ён адзіны ў акрузе беларус, які размаўляе на роднай мове.
Далей гаспадыня бібліятэкі рассказала аб выніках асабіста праведзенага аналізу ўзроставых груп чытачоў. Сярод самых актыўных — школьнікі, шаснаццаці-дваццацігадовыя юнакі і дзяўчаты.
-І, што асабліва радуе, — зазначае Зінаіда Міхайлаўна, — дзеці ад пяці да дванаццаці гадоў.
Як бы ў пацвярджэнне гэтых слоў, на парозе з’явілася дзяўчынка са стосам кніг у руках.
-Дабры дзень!
-Добры дзень, Віалета. — Зінаіда Міхайлаўна прымае кнігі. — Так, што тут у нас? «Прыгоды Віруса Шкодзі» Анатоля Бутэвіча, «Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак» Генадзя Аўласенкі. Усё, зразумела, на беларускай мове.
Віалета Булаўская, якая праз некалькі дзён стане чацверакласніцай, адна з 92 чытачоў бібліятэкі ва ўзросце да 15 гадоў.
Зінаіда Міхайлаўна ўпэўнена: вясковыя бібліятэкі — агеньчык, які ззяе для сельскіх жыхароў ва ўсе часы.
-Шкада толькі, што агеньчык гэты іншы раз толькі цепліцца, — гаворыць на развітанне З. М. Рудкоўская і паказвае на сцены памяшкання, якое даўно патрабуе рамонту. — Вільготнасць да 90 працэнтаў, зімой холадна. Як захаваць кніжны фонд?
М. КАТКОЎ.
НА ЗДЫМКУ: З. М. Рудкоўская з маленькай чытачкай Віалетай Булаўскай.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *