Сабрана спеўная спадчына Падзвіння

Актуально Культура

Збіраючы экспанаты для раённага музея, які на стадыі стварэння займеў назву «Дзвіна — Двіна — Даугава», не перастаеш здзіўляцца рознаквеццю талентаў, на якія багата наша Падзвінне, і якое нават у нашым выпаленым вайною краі захавалася ў выглядзе цікавых і па-мастацку аздобленых спрадвечных прылад працы, не кажучы ўжо пра ўзоры прыкладнога мастацтва — вышыўкі і вязанне, ручнікі і карціны, выцінанкі і вырабы разьбяроў, ткачых і кавалёў.

А нядаўна мы займелі неацэнны скарб, які мог бы адысці ў нябыт разам з яго носьбітамі, калі б не даўні наш сябар, нястомны творца і збіральнік духоўнага багацця нашых родных мясцін Сяргей Панізьнік. Гаворка ідзе пра спеўную спадчыну Падзвіння. Як паведаміла «Краязнаўчая газета», сёлета выйшаў дыск «Пад ясну зарыцу (Песенна-абрадавая традыцыя Мёршчыны па матэрыялах аўдыякалекцыі Сяргея Панізьніка. Запіс 1968 — 1969 гадоў)».
У канцы кастрычніка паэт-збіральнік прэзентаваў свой дыск у Беларускім клубе у Празе. У чэшскай сталіцы ён распавёў пра ідэю і гісторыю запісу песень з Бабышак, Даўгінава і Лявонпаля ад тамтэйшых сялянак, а таксама ад сваёй матулі Ганны. На прэзентацыі ў аўтарскім выкананні прагучалі вершы, напісаныя пад уплывам песень роднага яму наваколля, госці пачулі прымаўкі, павучанні, прыбабунькі ды пацешкі, пачутыя ім ад землякоў, а спявак Сяржук Доўгушаў, адзін з арганізатараў пражскай сустрэчы, выканаў песню, запісаную 45 гадоў таму ад даўгінаўскай кабеты Маруты Пальчэх. Музычную праграму падтрымаў кампазітар Алесь Ясінскі.
Чарговае прадстаўленне ўнікальных запісаў адбылося 17 лістапада ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Песні, запісаныя С.Панізьнікам, гучалі яшчэ да пачатку імпрэзы, а ўдзел у самой цікавай сустрэчы прымалі Раман Яраш і Юлія Літвінава, гурт традыцыйных мужчынскіх спеваў «Кудмень» і гурт «Vuraj». У галерэі сярод слухачоў былі прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншыя сябры, якія спрычыніліся да каштоўнага выдання.
У нашым горадзе жывуць землякі паэта, у тым ліку прадстаўнікі сем’яў тых спявачак, чые галасы ён запісаў, а песні з лявонпальскага берага пераплывалі калісьці на чаўнах ды паромах на наш беражок. Таму было б пажадана, каб для ўсіх, каму цікава і дорага спеўная мінуўшчына Падзвіння, у Верхнядзвінску была таксама зладжана прэзентацыя гэтай унікальнай працы. А пакуль што ў інтэрнэце з’явілася абвестка, якая дае магчымасць аматарам аўтэнтычных спеваў паслухаць іх на сустрэчы з Сяргеем Панізьнікам 14 снежня ў Віцебску, дзе ён прадставіць свой дыск. Імпрэза адбудзецца ў 16.00 у ДУ «Залатое кола Віцебска «Дзвіна» на вуліцы Чайкоўскага, 14. Прэзентацыю ладзіць «Vuraj Hurt».
А.Бубала,
дырэктар рабочай групы раённага музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *