Юбілей адзначае ветэран сельскай гаспадаркі

Общество

–Як хутка бяжыць час, — задуменна зазначае мой суразмоўца, углядаючыся ўдалячынь. На хвілінку замаўкае і працягвае.


-Здаецца, толькі ўчора бегаў пасля ўрокаў да бацькі ў кузню, зачаравана глядзеў на пералівы полымя ў горані, дзівіўся кавальскаму майстэрству. А нядаўна стукнула 70…
Так, Іван Іванавіч Рубашкоў нядаўна адзначыў юбілей. Нарадзіўся ён ў Шаркаўшчынскім раёне, скончыў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працоўная біяграфія пачалася з пасады бухгалтара калгаса «Новы шлях» на Глыбоччыне. Кемлівасць і стараннасць маладога спецыяліста не засталіся незаўважанымі. У 1963-м яго прызначаюць старшым бухгалтарам-рэвізорам Глыбоцкага калгасна-саўгаснага ўпраўлення. Работа спорылася і падабалася. Але, як і трэба было чакаць, адным марозным зімовым ранкам хлопец атрымаў павестку з ваенкамата.
-Служыць давялося на Балтыйскім флоце, — з гордасцю падкрэслівае Іван Іванавіч. — Наша брыгада дэсантных караблёў базіравалася ў Балтыйску — былым Пілау.
-Якія ўражанні засталіся ад таго часу?
-Самыя прыемныя. Флот — гэта сапраўдная школа загартоўкі, выхавання таварыскасці і ўзаемавыручкі. Звольніўся ў запас у званні галоўнага карабельнага старшыны.
Зноў пацягнуліся працоўныя будні на малой Радзіме. Галоўны эканаміст саўгаса «Вератэі» Іван Рубашкоў, які на той час скончыў завочна Беларускі Дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава, неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам раёна. І нікога са знаёмых не здзівіла яго выбранне сакратаром парткома саўгаса «Гарадзец».
Гэта пасада стала прыступкай для далейшага сталення: тры гады Іван Іванавіч працаваў інструктарам аргаддзела Верхнядзвінскага райкама КПБ, столькі ж — намеснікам начальніка райсельгасупраўлення, начальнікам планава-фінансавага аддзела.
Ёсць у працоўнай кніжцы і наступныя запісы: намеснік старшыні, начальнік аддзела планавання і міжгаліновых сувязяў раённага аграпрамысловага аб’яднання, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі райкама КПБ, намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы.
Увесь гэты час І. І. Рубашкоў актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Быў намеснікам старшыні раённага камітэта народнага кантролю, узначальваў тэрытарыяльную аграрную партыю. А цяпер, на заслужаным адпачынку, з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
Гледзячы на яго, ніяк не скажаш, што чалавеку 70. Бадзёры і падцягнуты, рухавы аптыміст.
-Бо не сяджу склаўшы рукі, — гаворыць Іван Іванавіч. — Трымаю гаспадарку: 25 сотак зямлі, карова, два кабаны, 30 бройлераў. Толькі паспявай усё гэта дагледзець.
Асаблівая гордасць юбіляра — дзеці. Сын Валерый скончыў Беларускую сельгасакадэмію, дачка Ала — Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. М. Машэрава, прычым, з чырвоным дыпломам. Выкладае інфарматыку ў ліцэі прыборабудавання. Яны падаравалі Івану Іванавічу чацвёра ўнукаў. Калі ўсе збіраюцца разам, сэрцы дзядулі і бабулі поўняцца непаўторнай радасцю.
М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *