Стогадовы юбілей адзначыла жыхарка Юзэфова

Актуально Жизнь сельских Советов

Стогадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Юзэфова Алена Тарасаўна Палынская.


Нарадзілася Алена Тарасаўна 14 лютага 1914 года ў вёсцы Кашалёва. Яшчэ да вайны выйшла замуж і ў 1938 годзе нарадзіла сына.
Страшны час фашысцкай навалы пакінуў незагойныя раны.Трывалі ў голадзе і холадзе, хаваліся па лясах. Не вярнуўся з фронту муж. Як выжылі з маленькім сынам, сама не ўсведамляе. Адна паднімала малога і ў цяжкія пасляваенныя гады. Шмат працавала ў сельскай гаспадарцы, хадзіла на палявыя работы, трымала жывёлу і вялікі агарод.
Цяжкая сялянская праца адымала многа сіл, але Алена Тарасаўна ніколі не скардзілася, не выстаўляла свае праблемы і цяжкасці напаказ, а спраўлялася з імі самастойна. Аднавяскоўцы ведаюць яе вялікай аптымісткай, якая заўсёды верыць у лепшае, не губляе пачуцця гумару і не зацыкліваецца на турботах. Лічыць, што і дажыла да такога шаноўнага ўзросту толькі дзякуючы свайму ўменню мужна пераадольваць нягоды. А яшчэ ёй вельмі дапамагаюць блізкія людзі. Раней аб маці клапаціўся сын, але пайшоў з жыцця дзесяць гадоў назад, і жыве Алена Тарасаўна разам з нявесткай Валянцінай Данілаўнай. Тая даглядае бабулю, як родная дачка. Мае Алена Тарасаўна 3 унукаў, 8 праўнукаў і 6 прапраўнукаў. Яны таксама клапоцяцца аб бабулі, наведваюць яе і стараюцца парадаваць сваімі поспехамі.
Стогадовы юбілей доўгажыхаркі стаў святам для ўсёй вялікай радні і аднавяскоўцаў. Наведалі і павіншавалі Алену Тарасаўну старшыня Дзёрнавіцкага сельвыканкама З.У. Валадзёнак, намеснік дырэктара КУВСГП «Лявонішана» Е.А. Жызнеўская, дырэктар Лявонішанскай БШ Ж.А.Валынец, а таксама навучэнцы гэтай школы. Госці жадалі доўгажыхарцы здароўя і моцы духа. Яе стогадовы юбілей — гонар усёй акругі і прыклад жыццястойкасці.
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *