Агляд-конкурс бібліятэк

Общество

У Верхнядзвінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме стартаваў агляд-конкурс на лепшае масавае мерапрыемства. Мэта конкурсу — павышэнне прэстыжу бібліятэк, бібліятэчнай прафесіі і паляпшэнне якасці мерапрыемстваў.


Аднымі з першых на суд журы прадставілі свае мерапрыемствы бібліятэкары Антонаўскай бібліятэкі — гістарычную гадзіну «Валынецкае гета» і Шайцераўскай — літаратурна-музычную кампазіцыю «Подзвігу салдата пакланіся», прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На мерапрыемства ў Шайцераўскі СДК нас запрасіла мясцовы бібліятэкар Зінаіда Міхайлаўна Рудкоўская. Збор матэрыялаў і напісанне сценарыя цалкам ляглі на яе плечы. У падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства дапамагалі настаўнікі і вучні Шайцераўскай школы, работнікі мясцовага СДК.
Дзеці распавядалі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, наступствах вайны ў нашым раёне, трагічным лёсе людзей у ваенны час. Трэба адзначыць высокі ўзровень чытальніцкага майстэрства вучняў. Вядучымі мерапрыемства былі настаўнік С. Г. Крэпачова і бібліятэкар школьнай бібліятэкі Г. У. Гмір. Культработнікі А. Пашкевіч і І. Булаўская выканалі песні аб вайне. Гледачам была прадстаўлена мультымедыйная прэзентацыя, падрыхтаваная сумеснымі намаганнямі З. М. Рудкоўскай і настаўніка інфарматыкі І. Ю. Бяляевай.
Конкурс доўжыцца да лістапада. Будзем чакаць ад нашых бібліятэчных работнікаў новых творчых задумак.
Т. Зуева,
метадыст раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *