Яркай падзеяй для аматараў беларускай паэзіі стала сустрэча ў раённай бібліятэцы з вядомымі паэтамі-лірыкамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным.
Адна з галоўных тэм іх творчасці — услаўленне высокага пачуцця — кахання. Мерапрыемства доўжылася амаль дзве гадзіны. На ім прысутнічалі вядомыя літаратары Верхнядзвінска, члены клуба цікавых сустрэч «Сучаснік», прадстаўнікі ідэалагічнага актыву райвыканкама, супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Незабыўнае ўражанне ў прысутных засталося ад жывой непаўторнай мовы, што гучала з вуснаў сапраўдных майстроў беларускага слова.
Леанід Дранько-Майсюк — адзін з самых вядомых сучасных паэтаў Беларусі. Ён аўтар некалькіх зборнікаў вершаў: «Вандроўнік», «На пляцу», «Тут», «Акропаль» і іншых, лаўрэат шматлікіх прэмій.
За лiрычныя творы паэта называюць «лепшым» рамантыкам Мінска. Многія вершы пакладзены на музыку. Песнi на яго вершы спяваюць зоркi папулярнай беларускай эстрады. Усім знаёма знакамiтая «Полька беларуская».
У сваім выступленні Леанід Дранько-Майсюк расказаў аб творчай дзейнасці, прадэкламаваў свае вершы аб родным горадзе, аб каханні, аб жанчынах.
Не менш папулярны паэт, перакладчык, бард, аўтар шматлікіх публікацый у рэспубліканскім друку, удзельнік многіх песенных і паэтычных фестываляў — Эдуард Акулін.
Ён — лаўрэат Першага беларускага бардаўскага фестывалю (1993 г.), а таксама прэмій часопіса «Маладосць» (1990 г.) і штотыднёвіка «Літаратура і Мастацтва» (1996 г.) за лепшыя паэтычныя падборкі.
З-пад яго пяра выйшлі кнігі вершаў «Крыло анёла», «Радно», «Непрычалены човен»; паэтычная містэрыя «На Каляды», дзіцячая кніга «Маленькае Я — гэта Я».
Эдуард Акулін з’яўляецца прызнаным «каралём пачуццёвай лірыкі» у межах бардаўскай песні. На яго творчым рахунку магнітальбомы «Мая Крывія» (1995 г.) і «Як яна і я» (2000 г.). У 2003 годзе пабачыў свет першы кампакт-дыск Э. Акуліна «На пачатку была Песня», а ў 2008 годзе ў серыі «Беларускі музычны архіў» выйшла кружэлка барда «Песні залатой Крывіі».
Эдуард Акулін у сваім выступленні паведаміў, што ў цяперашні час ён узначальвае рэдакцыю часопіса «Верасень». Акрамя чытання некаторых сваіх вершаў, праспяваў пад гітару некалькі песень аб каханні. А адной з іх нават падпявалі ўсе прысутныя.
Сустрэча атрымалася добразычлівай і цёплай.
Т. ЗУЕВА,
метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».