Узрост сталасці

Актуально

Яніна Пакульневіч, галоўны рэдактар газеты «Дзвінская праўда».

У гэтыя дні раённая газета «Дзвінская праўда» адзначае свой 80-гадовы юбілей. Падзея значная не толькі для супрацоўнікаў рэдакцыі, але тысяч і тысяч яе чытачоў, якія з’яўляюцца аўтарамі, героямі і падпісчыкамі газеты. За сваю гісторыю «раёнка» перажывала розныя часы, але заўсёды заставалася нязменным сябрам пад-пісчыкаў. Галоўны яе прынцып — адлюстроўваць інтарэсы людзей, з якімі жыве адным жыццём. Разам з жыхарамі раёна «Дзвінская праўда» змагалася за лепшую долю, ваявала з ворагам, уздымала народную гаспадарку, укараняла тэхнічны прагрэс, усталёўвала нашу дзяржаўнасць. Газета прайшла шлях ад малафарматнага аркуша, набранага ўручную, да камп’ютарызаванага васьміпалосніка. 80 гадоў — узрост сталасці, і яму пасуе саліднасць. Сёння газета — сучаснае высокатэхналагічнае выданне з больш чым 4-тысячным тыражом. Ва ўсе гады ў раёне яна — лідар падпіскі. А па колькасці нумароў на душу насельніцтва займае адно з першых месц не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы. Як сцвярджаюць многія чытачы, першай з газет яны бяруць у рукі «раёнку» — сваю «дамашнюю» газету і знаходзяць у ёй неабходную інфармацыю з самых розных сфер жыцця — аб дзейнасці раённай улады, эканамічным і сацыяльным развіцці рэгіёна, праблемах і здабытках адукацыі і культуры, рабоце маладзёжных і грамадскіх арганізацый, знакамітых людзях нашага краю. Журна-лісты вядуць жніво разам з нашымі хлебаробамі, змагаюцца за надоі і прывагі з жывёлаводамі, адкрываюць новыя аўтаматызаваныя лініі з прамыслоўцамі, уводзяць у строй аб’екты з будаўнікамі, ладзяць святы з культработнікамі, уваходзяць у школу з настаўнікамі, пракладаюць лыжню са спартсменамі. Няма ў раёне такой падзеі, якую б абмінула сваёй увагай газета. Нездарма афарызмам стала выказванне: «Падзеі не было, калі яна не асветлена ў друку». Аб’ём жа інфармацыі, якую ахоплівае «раёнка», цяжка пераацаніць. У газеце дзейнічаюць дзесяткі рубрык, сярод якіх такія папулярныя, як «Людзі справы», «Сустрэчы», «Інавацыйны падыход», «Там, дзе мы жывём», «Моладзь і час», «Вы прасілі расказаць», «Ёсць праблема», «Фотафакт» і многія іншыя. У апошні час з’явіліся навінкі: рубрыкі «Крэатыўны праект», «Малы бізнес», «Вучымся зарабляць». У нашым выданні выходзіць 6 тэматычных старонак, у тым ліку экалагічная «Крынічка», «Сям’я», мала-дзёжная «Ветразь», прававая «Чалавек. Грамадства. Закон». Брэндам газеты з’яўляецца тэматычны выпуск з Себежскай газетай «Призыв» — да сустрэчы ветэранаў і моладзі на Кургане Дружбы, рыхтуюцца спецыяльныя нумары да ўсіх найбольш значных падзей нашага краю. У «Дзвінскай праўдзе» працуе невялікі, але творчы калектыў, у якім трое супрацоўнікаў — выпускнікі факультэта журналістыкі Белдзяржуні-версітэта. Звыш двух дзесяцігоддзяў узначальваў газету М. П. Арлоў, які і сёння вучыць майстэрству маладых журналістаў. Творчая біяграфія адказнага сакратара Л. Ф. Арловай налічвае звыш 35 гадоў. Адточвае прафесійнае майстэрства малады супрацоўнік — загадчык аддзела пісьмаў і сацыяльнай работы А. М. Зімацкая. Зрабіць газету больш прыгожай і дынамічнай дапамагае фотакарэспандэнт В. Л. Салаўёў. Цесна супрацоўнічае з газетай рэдактар радыё Л. А. Зайцава. У кожнага з журналістаў сваё імя, якое шукаюць на старонках газеты чытачы. Своечасовы выпуск нумароў забяспечваюць аператары электроннага набору А. С. Жыгач і С. А. Ляйчын-ская. Аб фінансава-эканамічным становішчы рэдакцыі клапоцяцца галоўны бухгалтар Н. В. Ткачэнка і бухгалтар М. С. Галінская. Адказна ставіцца да сваіх абавязкаў вадзіцель У. В. Іваноў.
Агульная праца калектыву прыносіць плён. Газета неаднаразова выходзіла пераможцам рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і ўзнагароджана Ганаровымі граматамі і Дыпломамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, абласной Федэрацыі прафсаюзаў.
Трывалыя і плённыя сувязі склаліся ў калектыва з яе заснавальнікамі — раённым выканаўчым камітэтам і раённым Саветам дэпутатаў. У газеце пастаянна з’яўляюцца матэрыялы пад рубрыкамі «У райвыканкаме», «У раённым Савеце дэпутатаў», «На кантролі ўлады» і іншыя. Заснавальнікі газеты клапоцяцца, каб выданне адпавядала высокаму ўзроўню. Хутка два гады, як выходзіць электронная версія «Дзвінскай праўды».
Для таго, каб газета мела сучаснае аблічча, у будучым годзе плануецца павялічыць яе палоснасць — нумар у аўторак будзе выходзіць на 8 палосах. Наваполацкая друкарня, дзе выдаецца газета, купляе новае абсталяванне, і «раёнка» здолее выкарыстоўваць каляровы друк. Зразумела, для гэтага патрабуюцца шматлікія выдаткі. Рэдакцыя ж, як гаспадарча-разліковая арганізацыя, больш чым на 90% фінансуецца з уласных сродкаў. Давядзецца ўзмацняць гаспадарчую дзейнасць, больш зарабляць. Але пры ўсіх складанасцях пастараемся захоўваць падпісную цану на «раёнку» даступнай для чытача.
Мы даражым сваімі падпісчыкамі і будзем апраўдваць іх давер да выдання. Віншуем ветэранаў «Дзвінскай праўды», яе супрацоўнікаў і чытачоў з юбілеем. Жадаем новых здабыткаў і доўгага творчага шляху.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *