Дзень, з якога пачалася фашысцкая няволя, Я. М. Осіпава памятае да самых дробязей:
«Пайшлі мы з сяброўкай за грыбамі. Маслят у тых месцах было безліч. Збіраем іх і радуемся. Раптам чуем нямецкую гаворку, на палянку выбягаюць эсэсаўцы і тры здаравенныя аўчаркі. Ну, думаем, парвуць на кавалкі.
Павялі нас немцы ў вёску. Маці білі прыкладамі, маўляў, дачка ішла ад партызан, а мяне паставілі да сценкі і адкрылі агонь. Кулі ўгрызаліся ў дрэва побач з галавой.
Затым усіх вяскоўцаў загналі ў нейкі будынак, абклалі яго звонку і ўнутры саломай, прыгатавалі запальніцы. Усе разумелі: загінем у агні. Хто плакаў, крычаў, а хтосьці нават заспяваў Гімн Савецкага Саюза.
Але тут з’явіліся на конях двое фашыстаў і адмянілі карную акцыю».
Трынаццацігадовую Жэню, малодшага браціка разам з маці і аднавяскоўцамі прывезлі ў Віцебскі канцэнтрацыйны лагер. Мясцовыя «старажылы» падказалі: на допытах будуць цікавіцца, хто са сваякоў пайшоў у Чырвоную Армію па другому прызыву? Адказвайце: толькі па першаму!
Аказалася, усе, хто не пачуў гэту параду, былі западозраны ў сувязі з партызанамі і апынуліся ў спецбараку пад нумарам 5.
Жэнін барак знаходзіўся побач. Нары — у тры ярусы. Верхні дастаўся ёй.
На другі дзень прынеслі баланду. Посуду, зразумела, не было, абыходзіліся іржавымі бляшанкамі з-пад кансерваў. Жэня зачэрпнула першую лыжку — і пачалася крывавая рвота. У мутнай, амаль чорнай жыжцы плавала жабіна галава з кішкамі.
Жэня пачала марнець, бо есці такое не магла.
-Але ёсць жа на свеце чулыя людзі, — са слязамі на вачах зазначае Яўгенія Макараўна. — У суседкі па нарах былі малыя дзеці, дык яна і гаворыць: «Ім даюць лепшы харч, мы падзелімся». І сапраўды, жабы і чарвякі ў баландзе больш не трапляліся. Аказалася, суседка проста загадзя выкідвала ўвесь бруд з варыва. Так я і выжыла.
Аднойчы вязняў пагналі на сельгасработы. Усе спадзяваліся, што можна будзе ўхапіць ці то морквачку, ці то бурачок. Адзін пажылы мужчына і дзяўчына паспрабавалі зрабіць гэта. Іх тут жа застрэлілі канваіры.
У другі раз на вялікім полі Жэні давялося капаць траншэі для бульбяных буртоў — так думалася ўсім, бо побач такіх сховішчаў было безліч.
-Выпадкова я наступіла на край бурта, — выцірае насоўкай слёзы Яўгенія Макараўна. — Пясок пасыпаўся, а з-пад яго — дзіцячая ручка, затым — бялявая галоўка з адкрытымі блакітнымі вочкамі. Я страціла прытомнасць.
Вось тады вязні ўсвядомілі, што рыюць траншэі — магілы для сябе. Ноччу пачулі рокат аўтамабільных матораў, прагучала каманда: «Паверка! Адпраўляецеся ў Германію». Інакш кажучы, на той свет…
-І раптам здарылася цуда, — з хваляваннем гаворыць Я. М. Осіпава. — Пачаўся штурм Віцебска нашымі войскамі. Мы засталіся ў жывых, і гэта было шчасце.
Далейшы лёс Яўгеніі Макараўны звязаны з народнай адукацыяй. На сваёй малой радзіме, у былым Суражскім раёне, будавала школу (насіла з Віцебска па 30 кілаграмаў цвікоў), настаўнічала ў ёй, затым — у Дзятлаўскім раёне і, нарэшце, у СШ № 2 г. Верхнядзвінска. Ёй ёсць аб чым расказаць моладзі, хоць успаміны гэтыя і пякучыя…
М. КАТКОЎ.