М. РУБЕЛЬ, метадыст па фальклору РЦКНТ.
«Круціцца кола, свет наш скарбонка!
Поўніцца вечнасць песняю звонкай!»
Такім уступам пачыналася свята дзіцячай народнай творчасці «Кола будучыні», якое адбылося ў раённым Доме культуры.
Шматвяковыя назіранні за станам прыроды дазволілі нашым продкам заўважыць штогадовую паўторнасць у жыцці Сонца і Зямлі. Паўтараюцца і народныя святы: круціцца абрадавае кола календара.
Удзел у свяце прымалі дзіцячыя калектывы ўстаноў культуры раёна, якія з любоўю і павагай берагуць свае карані. У гэтым пераканаліся наведвальнікі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Нам засталася спадчына» і канцэртнай праграмы.
У выкананні творчых калектываў гучалі легенды, паданні, песні — усё тое, чым багата Верхнядзвінская зямля. Кожная ўстанова культуры раёна займаецца экспедыцыйнай дзейнасцю і выкарыстоўвае сабраныя песні, легенды, паданні, гульні ў сваёй дзейнасці.
Гледачы не шкадавалі апладысментаў для дзіцячага фальклорнага гурта «Галасы вякоў» Сенькаўскага сельскага клуба, які прадставіў цікавыя мясцовыя гульні і карагоды. Таксама на свята завіталі «Сенькаўскія валачобнікі» з песнямі і шчырымі пажаданнямі. Удзельнікі аматарскага аб’яднання «Расіца» Бігосаўскага СДК і фальклорнага гурта «Вяселіца» Каханавіцкага СДК здзівілі сваімі арганізатарскімі здольнасцямі. Маленькія гледачы з захапленнем удзельнічалі ў велікодных гульнях, якія прадставілі гэтыя калектывы.
Добрым мастацкім узроўнем і яркімі акцёрскімі магчымасцямі ўразілі гледачоў артысты з Боркавіцкага СДК, якія прадставілі «Боркавіцкія вячоркі», а таксама вакальны гурт «Маладыя галасы» і клуб выхаднога дня «Светлячок» Антонаўскага СДК, у выкананні якіх аматары беларускай песні і гумару ўбачылі «Антонаўскія забавы».
Як добры напамін пра жыццё нашых продкаў прагучала «Паданне пра белыя ксянзы» у выкананні Рамана Станько з вёскі Сенькава. А калектыў «Вяргіні» Сар’янскага СДК здзівіў гледача прыгожым адзеннем, вырабленым нашымі продкамі, якое аздобіла цікавая харэаграфічная кампазіцыя з гліняным посудам.
Ніводнае свята беларуса не абыходзілася без песні. Вясёлая ці журботная — яна летапіс жыцця, крыніца ведаў і народнай мудрасці. Асабліва прыемна пачуць гэту мудрасць з вуснаў маленькіх артыстаў — нашых дзяцей. Гэта аўтэнтычны спеў у выкананні Арыны Сцяпанавай з Асвейскага ГДК, дуэт у саставе Паліны Ашуркевіч і Дар’і Смірновай з Відоцкага клуба-бібліятэкі, вакальны гурт «Саловушкі» з Шайцераўскага СДК, вакальны гурт «Чабарок» з Бігосаўскай ДШМ.
Высокім прафесійным майстэрствам уразіў верхнядзвінцаў узорны фальклорны гурт «Нежачкі» Расонскага Цэнтра дзяцей і моладзі. Яго ўдзельнікі па-майстэрску выканалі аўтэнтычныя песні, пабытовыя танцы пад залівісты гармонік. Доўга не сціхалі апладысменты ўдзячных верхнядзвінскіх гледачоў.
У фінале ўсіх удзельнікаў аб’яднала песня «Спяваем разам» у выкананні Елізаветы Драпей з Валынецкага СДК. Пад вясёлы спеў маленькія артысты стварылі імправізаванае кола. Яно круцілася, як непарыўная сувязь пакаленняў. Няхай не спыняецца кола часу, кола будучыні!