«У маёй вёсачкі дзве магілы: над Бярозаўкай і ў Хатыні…».
Успамін Ядзвігі Міхайлаўны МАКАРАВАЙ, былой жыхаркі спаленай вёскі Ціршава.
Я нарадзілася ў 1925 годзе на хутары Пяскі, а ў 1937 годзе нас прымусілі перасяліцца ў вёску Ціршава. Дзяцей у сям’і было чацвёра.
У пачатку вайны ў нас фронту і не было: як ішлі немцы, так і пайшлі. Нас, маладых, перад гэтым учатырох адправілі забіраць жывёлу. Дагнаць групы, якія гналі статкі з іншых вёсак, ужо не змаглі. Немцы даганялі, і мы тых кароў кінулі дзесьці на Расоншчыне. Сталі прабірацца дадому. Пад Сар’яй затрымалі вартавыя, сказалі, што па рацэ нашы і немцы стаяць лоб у лоб, таму трэба ісці назад. Ледзь прыйшлі ў Зулава, як пачалася стральба. Мы проста ляглі на зямлю і ляжалі да вечара, пакуль нашы не перасталі страляць, білі адны немцы.
Калі фронт прайшоў, мы адшукалі сваіх распрэжаных коней і пацягнуліся дадому. Вакол гарэлі вёскі. А ў Ціршаве была ўжо нямецкая ўлада. Пачалі дзяліць калгасную гаспадарку, зямлю, збіраць ураджай. У Расіцы адчыніўся касцёл, у якім дагэтуль і машыны стаялі, і жывёла. Мы хадзілі туды на ўборку да свята Прачыстай. Якраз пасля набажэнства пачуліся з вуліцы страшныя крыкі і стральба. Гэта немцы гналі на смерць мясцовых яўрэяў.
Праз год пачалі хадзіць партызаны. У Расіцы атабарыліся немцы, была ў іх і свая камендатура. Партызаны яе разграмілі, немцы ўцяклі ў Бігосава. Партызаны пачалі дзейнічаць больш актыўна, хадзілі на чыгунку. У адказ карнікі сталі паліць вёскі.
У касцёле ў нядзелю ксёндз казаў, што настаў вельмі неспакойны час. Дома чутныя былі кулямётныя чэргі з боку мяжы. Гэта карнікі адпужвалі партызан для таго, каб прыйсці сюды. Нам было вельмі страшна, ноч не спалі. Хадзілі туды-сюды. Днём пачаў лётаць самалёт. Як толькі самалёт апусціцца — так пачынае вёска гарэць. Загарэліся Бандзелі, Расіца ўжо гарыць, гараць Булы. Наступіла яшчэ адна ноч, неба як быццам гарэла. З’явіліся бежанцы. Наша вёска стаяла яшчэ цэлая — дык яны прыйшлі ў нашы хаты. Распавядалі, што карнікі людзей паляць, забіваюць. Нам стала страшна, вырашылі ўцякаць. Уцячы то ўцяклі, а есці няма чаго.
У панядзелак пад вечар вёску сталі акружаць. Сабралася нас шэсць чалавек, запрэглі каня і ад’ехалі ў лес. А куды ісці? Ноч, бура вельмі моцная пачала ўздымацца. Мы спыніліся пад елкай. Стаім, не ведаем, што рабіць. Раніцай пачулася стральба, узляцелі крыкі, лес запоўніўся дымам. Гарэла наша вёска. Да вечара голад пагнаў хлапчукоў у разведку. Яны сказалі, што адзін дом ацалеў. На наступны дзень і таго дома ўжо не стала. Тады і я пайшла ў вёску. Там, дзе стаяў хлеў, сярод попелу і галавешак ляжалі згарэлыя людзі. Я пайшла да свайго дома, але там ужо было папялішча. Мы зноў сышлі ў лес. Былі вельмі моцныя маразы, шмат снегу.
Прасядзелі мы ў лесе тыдзень. Хадзілі збіраць на вясковай вуліцы рассыпанае зерне. Мы яго жавалі. А потым пайшоў мой брат па бульбу, якую захоўвалі ў ямах. Там яго і забралі паліцаі. Ён раніцай пайшоў, але да вечара яго не дачакаліся. Мы зразумелі, што хутка прыйдуць за намі. Брат жа маленькі, прызнаецца, што не адзін. І хоць ён не прызнаваўся, яму ўсё роўна не паверылі. З елкі мы ўбачылі, што ідуць па нашых слядах. Калі карнікі пачалі даганяць, мы кінуліся ўрассыпную. Аднаго хлопчыка забілі, і мы спыніліся, вырашылі, што ад кулі не ўцячэш. Нас забралі і пагналі ў Латвію.
…Паганяла мяне жыццё. Мама памерла яшчэ да вайны, тата — у 1952-м. Загінуў і сынок. Дажываю свой век адна на радзіме — у Расіцы. А Ціршава не адрадзілася да жыцця. У маёй вёсачкі дзве магілы: адна — там, над рэчкай Бярозаўкай, а другая — у Хатыні.
Запісала А. ЛІЦВІНАВА,
настаўніца Сар’янскай СШ.