У баях за Радзіму

Актуально Память

Два ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені, медалі «За баявыя заслугі» і «Жукаў», «За працоўную доблесць», юбілейныя ўзнагароды — сёння яны нагадваюць аб тым, праз што давялося прайсці Вользе Міхайлаўне Лявонавай.


Яе мары аб настаўніцкай дзейнасці абарвала вайна. Да гэтага закончыла Дзёрнавіцкую сярэднюю школу, вучылася ў Мінскім педінстытуце на шасцімесячных курсах падрыхтоўкі настаўнікаў рускай мовы і літаратуры.
У першыя дні вайны вярнулася дамоў, прыглядалася да падзей, а калі парторг сельсавета М. Бяляй прапанаваў стаць партызанкай, без ваганняў разам з аднавяскоўцамі ўступіла ў партызанскі атрад імя Суворава 1-й Дрысенскай брыгады.
-Размяшчаліся мы ў лесе недалёка ад вёсак Лешня, Рудня, Кабыльнікі, — успамінае Вольга Міхайлаўна. — Прыходзілася стаяць адной на пасту ноччу, сядзець у засадах, хадзіць за ежай у вёску — усё рызыкоўна і страшна, але жудасней было трапіць у рукі ворагу.
Першы бой у складзе партызанскага атрада дзяўчына прыняла ў час налёту на паліцэйскі гарнізон, што летам 42-га года знаходзіўся ў Каханавічах. У 43-м удзельнічала ў падрыве чыгункі Полацк-Дрыса ў раёне Боркавіч-Беніслаўскага.
-Ішла ўся брыгада. Выдалі кожнаму па чатыры толавыя шашкі і бікфордаў шнур, растлумачылі парадак дзеянняў. Галоўнае-хуткасць, масавасць, магутны агонь і з крыкам «Ура» бегчы на рэйкі.
Страшна было і ўдзельнічаць у аперацыі па разгрому нямецкага гарнізона на чыгуначнай станцыі Свольна. Раку пераходзілі пад абстрэлам зімовай ноччу. Назаўтра фарсіравалі Дрысу. Было марозна, частыя ўдары нямецкай артылерыі ўздымалі лёд. Каб пераправіцца, партызаны звязвалі два бервяны дротам. Бярвенне імгеннна пакрывалася лёдам, людзі падалі ў ваду. Знаёмая з дзяцінства рака ператварылася ў пекла — вада ледзяная, ледзь не па горла, ззаду немцы. Ды вось дзіва: на грып ці ангіну амаль не хварэлі. Былі іншыя хваробы — абмаражэнне, тыф і вялікая стомленасць.
Шмат чаго перажылі, а колькі страцілі сяброў, баявых таварышаў… Вечарам размаўляеш з чалавекам, а раніцай чуеш, што яго ўжо няма, не вярнуўся з задання.
У студзені 1944 года партызаны далучыліся да Чырвонай Арміі, і Вольга Міхайлаўна стала яе байцом. У час вызваленчага паходу на Латвію 6 ліпеня была паранена ў абедзьве нагі падчас бамбёжкі нямецкім самалётам-разведчыкам.
-Тройчы быў прысуд ампуціраваць мне нагу,- кажа былая партызанка, — я адмаўлялася, бо не ўяўляла, як буду жыць калекай. Лепш смерць. Аднак два гады па шпіталях далі свой вынік- ногі захавалі.
19 чэрвеня 1945 года Вольга Міхайлаўна з незагоенай ранай выпісалася са шпіталю інвалідам 2-й групы. Але ўжо нішто не перашкаджала ёй на вызваленай радзіме займацца любімай справай — настаўнічаць.
-У чатырох хатах дзяцей вучылі я і мае калегі. Не было паперы, кніг. Бедная вопратка, холад. Але нішто не магло стрымаць жаданне жыць паўнацэнным жыццём, атрымліваць веды. Будынак першай васьмігадовай школы будавалі талакой, па выхадных днях. Як мы ёй радаваліся, да кожнага свята рыхтавалі канцэрты, ставілі п’есы.
Часта Вольгу Міхайлаўну непакоілі параненыя ногі, даводзілася ляжаць у бальніцах. А так хацелася вучыцца, атрымаць дыплом! Таму, хоць і ў сталым узросце, закончыла Пскоўскі педінстытут.
У пачатку 70-х гадоў было вырашана пабудаваць новую Дзёрнавіцкую сярэднюю школу, бо тая, што была, не змяшчала ўсіх вучняў — іх было каля двухсот. І за гэтую цяжкую працу прыйшлося ўзяцца Вользе Міхайлаўне.
-Было нялёгка, часта даводзілася едзіць у раён, у Полацк на аптовую базу, у вобласць. У будаўніцтве я мала разбіралася, звярталася да спецыялістаў, вывучала чарцяжы. Але гэта таго варта!
А як мы радаваліся, адзначаючы кожны год Дзень Перамогі! Сустрэчы, успаміны, песні — і слёзы радасці і смутку. Збіраліся ў в. Верасенцы ля брацкай магілы 627-і воінам, партызанам і мірным жыхарам, якія загінулі ад рук фашыстаў. Гэтыя святы сталі ўрокамі мужнасці, патрыятызму, эстафетай перадачы маладому пакаленню любові да Радзімы.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *