2 снежня ў «Дзвінскай праўдзе» быў надрукаваны зварот да чытачоў з просьбаю аб дапамозе ў высвятленні звестак пра лётчыка Пятра Іосіфавіча Катушонка.
Той, хто працаваў у архівах, ведае, што ў зыходных дакументах часам дапускаюцца памылкі ў напісанні прозвішчаў і геаграфічных назваў, альбо напісанае ад рукі цяжка чытаецца. У гэтым нельга не пагадзіцца з аўтарам звароту Л.Касатым, які бярэ пад сумнеў даведзеныя звесткі аб месцы нараджэння авіятара.
Таму прыведзеная ніжэй версія таксама можа быць прынятай да ўвагі нароўні з іншымі, што ўрэшце можа даць жаданы вынік і ўстанавіць ісціну.
Па-першае, станцыі Бальшова ў былым Дзісенскім павеце не існавала. Не было там і Пушкоўскай воласці. Дзісенскі павет часта блытаецца ў дакументах з Дрысенскім. Калі прыняць за месца нараджэння П. Катушонка Дрысенскі павет, то варта дапусціць яшчэ два ўдакладненні: назва станцыі — Бігосава, а воласць — Сушкоўская. Сапраўды, трансфармацыя назвы Бигосово ў Большово, а Сушковская ў Пушковская цалкам верагодная (бывае і не такое).
Што да аналізу распаўсюджанасці прозвішча Катушонак, то варта адзначыць, што яно не характэрна для Верхнядзвіншчыны. У кнізе «Памяць» сустракаецца толькі блізкае па гучанні прозвішча Канашонак (на Бігосаўшчыне). Аднак гэта зусім не абвяргае прыведзенай версіі. І вось чаму.
Як вядома, Бігосава — маладое паселішча. Яно ўзнікла толькі з пабудовай чыгункі. На працягу сваёй гісторыі вёска, якая хутка расла, прыцягвала (і прыцягвае) шмат перасяленцаў, найперш з мясцін, блізкіх да лініі Рыга — Арол, асабліва з Браншчыны. Катушонкі, магчыма, былі з першапасяленцаў — імігрантаў Дрысеншчыны, якія не мелі тут родавых каранёў. У Бігосаве нават па сёння няма могілак, таму прачытанне прозвішчаў тубыльцаў, якія памерлі ў вёсцы на працягу апошняга стагоддзя, складае няпростую задачу, бо пахаванні ладзіліся і ладзяцца на кладзішчах іншых вёсак: у Цынгелях, Расіцы і нават у задзвінскім Лявонпалі.
Няма таксама гарантыі, што Катушонкі аселі ў Бігосаве надоўга і паспелі пашырыць свой род у тутэйшых мясцінах. Бурныя падзеі першай чвэрці дваццатага стагоддзя маглі занесці людзей далёка нават ад даўно абжытага месца. Гэтыя часіны выпалі на гады дзяцінства, юнацтва і сталення Пятра Катушонка. Наблізіцца да ісціны было б лягчэй, калі б адшукаліся дакументы, якія засведчылі б, дзе ён навучаўся лётнай справе, якім ваенкаматам прызываўся ў войска.
Аднак, каб не засталося «белых плямаў» у загадкавым пытанні з нашае віны, справай гонару для верхнядзвінцаў з’яўляецца ўдзел у далейшым пошуку. Па рэестрах гарадскога і сельскіх выканкамаў няцяжка высветліць, ці ёсць у нашым раёне носьбіты прозвішча Катушонак. І пры станоўчым, і пры адмоўным адказе трэба паставіць у ведама раённую газету. Мяркую, што гэту справу аператыўна зробяць супрацоўнікі названых устаноў, бо адолелі ж мы некалі разам нашмат больш складаную задачу па напісанні кнігі «Памяць». А памяць не ведае спачыну.
Антон БУБАЛА,
навуковы супрацоўнік рабочай групы
па стварэнні раённага музея.