Дзяржзаказ па продажы збожжа дзяржаве будзе выкананы ў бліжэйшыя дні

Актуально Общество

Дзяржзаказ па продажы збожжа дзяржаве ў
9 тысяч 550 тон будзе выкананы раёнам у бліжэйшыя дні.
Аб гэтым нам паведаміў начальнік Верхнядзвінскага вытворчага ўчастка ААТ «Полацкі кам-бінат хлебапрадуктаў» У.М. Сакалоўскі, калі нядаўна наведаліся на хлебапрыёмнае прадпрыемства. Сюды з ранку да позняга вечара залатымі ручайкамі сцякаецца ўраджай з усяго раёна. Цяжкія машыны з беражліва нарошчанымі бартамі адна за адной уздымаюцца на электронныя вагі.
-У суткі прымаем больш чым па тысячы тон збожжа,- гаворыць вагаўшчык Марыя Канстанцінаўна Карнавухава.- А ў асобныя дні было па 1500-1600 тон.

Зерне - адборнае. Студэнткі Людміла і Вераніка Кішковіч не першы год дапамагаюць лабараторыі падчас жніва.

Відавочна, што ўраджай у раёне выспеў добры. Такія гаспадаркі, як ААТ «Прудзінкі», «Антонава-Агра», КУВСП «Верхнядзвінскі», «Лявонішана», «Каханавічы», «Дрысенскі»першымі справіліся з дзяржзаказам. Пшаніца харчовай групы прымаецца толькі трэцім класам — якасць зерня сёлета добрая. А самая лепшая, як паведамілі ў лабараторыі, у «Прудзінках», «Верхнядзвінскім» і «Дрысенскім».
-Адразу бачна, што верхнядзвінскія хлебаробы сваю справу ведаюць, сушылкі ў сельгаспрадпрыемствах да работы падрыхтаваны,- каменціруе гэты факт Уладзімір Мамертавіч.- Збожжа дастаўляецца адмысловае: сухое, чыстае. Зразумела, нам прыходзіцца дапрацоўваць яго, але гэта работа ў штатным рэжыме. Да параўнання, прымаем у дзень каля 200 тон збожжа з Міёрскага раёна — вось тут вымушаны нямала папрацаваць, каб давесці ўраджай да патрэбнай кандыцыі. Пэўная частка яго ідзе на фураж.
Галоўны зерняток раёна поўнасцю падрыхтаваны да прыёму, захавання і адгрузкі збожжа. Памяшканні загадзя вычышчаны, вымыты, пабелены, прадызенфіцыраваны. Да работы падрыхтаваны дзве сушылкі. Яны не новыя, але мясцовыя майстры так адладзілі і адрэгулявалі іх, што працуюць бездакорна.
Гарачая пара ў слесара сушыльнай гаспадаркі Дзяніса Бялея.

На прыёмцы і дапрацоўцы збожжа заняты правераныя людзі. Уладімір Мамертавіч узначаліў калектыў толькі месяц назад, але да гэтага 10 гадоў працаваў тут механікам,таму ведае патэнцыял кожнага. Упэўнены ў рабоце слесараў сушылак Уладзіміра Корбута і Дзяніса Бялея, машыністаў-аўтамабілістаў Андрэя Койры і Віктара Залінскага, начальніка лабараторыі Лідзіі Конанавай, іншых спецыялістаў. Кожны год у гарачы ўборачны сезон сюды прымаюцца работнікі, у іх ліку вопытныя памочнікі Марыя Карнавухава, Надзея Быкава, а таксама моладзь, занятая на разгрузцы збожжа і ўборцы зернятока. Людзі працуюць напружана, разумеючы адказнасць за вырашчаны хлеб.
Асабліва важны ўчастак работы — дастаўка збожжа з сельскіх гаспадарак. Звычайна з раніцы хлеб адтуль прывозяць мясцовыя вадзіцелі, але неўзабаве яны перабіраюцца на палі — да камбайнаў. І збожжа дастаўляюць на ток перавозчыкі, нанятыя камбінатам хлебапрадуктаў. На перыяд уборкі ўраджаю прадпрыемства заключае дагаворы як з арганізацыямі, так і прыватнымі аўтаўладальнікамі. Выдатна працуюць прыватнікі Генадзь Вярыга, Дзмітрый Іванчык, Петр Тамашэвіч. Паспяхова спраўляюцца з перавозкамі вадзіцелі райаграсервісу Ніл Пірог і ДЭУ-132 Андрэй Кабанаў.
Выдатна працуе на перавозцы збожжа Генадзь Вярыга.

Рабочы дзень на ўчастку доўжыцца дзве змены — з 6 ранку да апоўначы. Умовы, можна сказаць, экстрэмальныя — спякота, пыл, вялікая загружанасць. Таму вельмі дарэчы абсталяваны тут пакой адпачынку і тры душавыя кабінкі, якімі актыўна карыстаюцца работнікі.
На ўчарашні дзень участкам прынята11 тысяч тон збожжа, пастаўкі яго працягваюцца. Хлеб новага ўраджаю абяцае быць як ніколі важкім.
С.Дзвінская.



1 комментарий по теме “Дзяржзаказ па продажы збожжа дзяржаве будзе выкананы ў бліжэйшыя дні

  1. во фразе»На ўчарашні дзень участкам прынята11 тысяч тон збожжа»-синтаксическая ошибка(а может опечатка интернет-редактора) после слова»прынята» нужен пробел
    фраза» Уладімір Мамертавіч узначаліў калектыў толькі месяц назад»допущена грамматическая ошибка(или опечатка интернет-редактора)..имя Владимир переводится и на белорусский как Уладзiмiр и также пишется….так дядю Вову так обижать(бывшего директора АО»Луч»)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *