Няхай гарыць блакітны агеньчык
З чаго пачынаецца дзень?
У кожнага па-свойму. Але ўсе без выключэння пасля абавязковых ранішніх працэдур падыходзяць да газавай пліты і запальваюць блакітны агеньчык.
-Можа, і не ўсе, а на ўліку ў нас 12878 абанентаў, — пярэчыць галоўны інжынер РВУ «Верхнядзвінскрайгаз» П. Ю. Касапалікаў. — Прычым, 8302 — сельскія жыхары. Газавыя балоны дастаўляюцца ў самыя аддаленыя вёсачкі, і яшчэ не было нараканняў на спазненні. Для гэтага хапае трох касетных грузавікоў.
-Да многіх сядзіб і кватэр падведзены прыродны газ…
-Так, працягласць газаправодаў складае на сёння 170,1 кіламетра. Завершана газіфікацыя спажывецкіх кааператываў «Себежская-Газ», «Калгасная-Газ» агульнай працягласцю пяць з паловай кіламетры. Вядзецца будаўніцтва пяці вулічных размеркавальных газа-праводаў, штогод больш 100 індывідуальных домаўладанняў пераводзяцца са звадкаванага на прыродны газ.
Рыхтуецца праектная дакументацыя на газіфікацыю вёсак Юсціянава і Смулькава, плануецца забяспечыць прыродным палівам Каханавічы.
Адметна, што нашы спецыялісты дапамагалі пры пракладцы падводзячага газаправода ў г. Дзісна, за што асабліва ўдзячны жыхары Міёршчыны А. Шумскаму, Д. Шэршаню, А. Думаронку, І. Капусціну, М. Касапалікаву.
Сёння дапамагаем гарадоцкім калегам пры газіфікацыі дома міласэрнасці ў аграгарадку Бычыха.
-Ці карыстаецца попытам звадкаваны газ у вадзіцеляў?
-З пачатку года рэалізавана 55 тон гэтага паліва, у тым ліку фізічным асобам — 27 тон.
-Вядома, што ваша прадпрыемства — адно з паспяховых не толькі ў раёне, але і вобласці. А поспех забяспечваюць людзі…
-Усіх назваць немагчыма, бо кожны з 50 чалавек робіць свой уклад у агульную справу. Але як не адзначыць Аляксея Кузьміна, Анатоля Думаронка, Уладзіміра Жука, Алену Касапалікаву, Алену Карпэцкую. У любым калектыве ёсць свой баявы атрад актывістаў.
-Пэўна, існуе рэзерв кадраў?
-Нядаўна да нас прыйшоў пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта малады спецыяліст Арцём Майсюк. Вучыцца завочна ў гэтай жа ўстанове наш прафсаюзны лідар Максім Паршута.
-Вашы пажаданні калегам напярэдадні прафесійнага свята?
-Калегам і ветэранам прадпрыемства жадаю, галоўнае, здароўя. Астатняе — сямейны дабрабыт, самаўдасканаленне — само сабой зразумела.
Добра працуецца там, дзе клапоцяцца аб людзях
Добра працуецца там, дзе клапоцяцца аб людзях, іх паўсядзённых патрэбах. Максім Паршута, старшыня прафсаюзнага камітэта РВУ «Верхнядзвінскрайгаз», упэўнены, што менавіта гэта акалічнасць вызначае ў значнай ступені вытворчыя поспехі.
Штогод на прадпрыемстве абнаўляецца і ўдакладняецца калектыўны дагавор, у якім прадугледжаны меры сацыяльнай абароны работнікаў. Іх дзеці маюць магчымасць адпачыць у ведамасным лагеры «Дружба», што ў Шумілінскім раёне. Лагер працуе ў тры змены. Сёлета яго наведалі дзеці вадзіцеля В. Грыгор’ева, кладаўшчыцы С. Баярчук, аператара А. Карпэцкай.
Карыстаюцца папулярнасцю ў калектыве тэматычныя экскурсіі. У жніўні, напрыклад, 35 чалавек за кошт прафсаюза пабывалі ў Мінску. Незабыўныя ўражанні засталіся ад наведвання музея Вялікай Айчыннай вайны, аквапарку, дэльфінарыя.
Кіраўніцтва і прафкам не пакідаюць па-за ўвагай асабістыя падзеі ў жыцці членаў калектыву. Напрыклад, пры заключэнні шлюбу маладыя атрымліваюць грашовую дапамогу ў памеры 250% ад тарыфнай стаўкі першага разраду. Юбіляры адзначаюцца Ганаровай граматай і прэміяй.
Згуртаванню калектыву садзейнічае ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства. Летась каманда інжынерных работнікаў заняла трэцяе месца ў вобласці. Сёлета майстар А. Кузьмін, вадзіцель В. Замбер і слесар У. Быкаў занялі другое.
Можа, хто і не паверыць, але факт: 100% верхнядзвінскіх газавікоў з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Не дзіва, што дачка вадзіцеля В. Грыгор’ева Аня стала пераможцай абласнога конкурсу спевакоў сістэмы аблгазу.
Агульны клопат — добраўпарадкаванне тэрыторыі. Кветнікі райгазу славяцца на ўвесь раён. Пятуніі, выгадаваныя клапатлівымі рукамі А. Касапалікавай, В. Карпэцкай, Ж. Жук, С. Баярчук радуюць вока з вясны да позняй восені. Сёлета «Верхнядзвінскрайгаз» заняў трэцяе месца ў вобласці па добраўпарадкаванні сярод роднасных прадпрыемстваў.
Дружаць са спортам
Спартыўная каманда райгазу — адна з мацнейшых у раёне. Прыёмшчыца заказаў аварыйнай службы Алена Палёная расказвае:
-У абласных спаборніцтвах мы цвёрда займаем чацвёртае месца. Наперадзе — толькі Віцебск, Орша і Полацк. Згадзіцеся, не кожны райцэнтр можа пахваліцца такімі дасягненнямі. Наша кіраўніцтва заахвочвае заняткі валейболам, футболам, лёгкай атлетыкай, тэнісам, забяспечвае неабходным інвентаром, формай. Усе выезды — за кошт прад-прыемства. Прыемна і тое, што за перамогі атрымліваем матэрыяльную падтрымку.
Сама Алена ўдзельнічае ва ўсіх спаборніцтвах, якія праводзяцца ў раёне. Перавагу аддае валейболу. Акрамя таго, вядзе турыстычны гурток у СШ № 2. Захапляюцца спортам і яе самыя блізкія людзі. Муж Аляксандр працуе трэнерам, гуляе за зборную раёна па валейболу. На бацькоў раўняюцца сын Влад і сямігадовая дачка Таня.
Сёлета Палёныя занялі першае месца ў рэспубліканскім конкурсе «Тата, мама, я — спартыўная сям’я», фінал якога праходзіў у Маладзечна.
НА ЗДЫМКУ: Алена, Аляксандр, Таня Палёныя.