Дзень беларускага пісьменства сёлета адзначаецца ў старажытным Заслаўлі. Гэты былінны горад Рагнеды ў другі раз сустрэне гасцей свята беларускага слова.
Урачыстасці разгорнуцца на некалькіх пляцоўках: тут будуць працаваць літаратурныя і музычныя майстэрні, адбудуцца прэзентацыі СМІ і выдавецтваў, з’явяцца экспазіцыі гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўль», выстава паштовак і фотаздымкаў з калекцыі беларускага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліха-дзедава, адкрыецца горад майстроў з кірмашом вырабаў народнай творчасці. Навінкай свята стане прэзентацыя аграсядзіб і турыстычных комплексаў краіны. Да Дня пісьменства адкрыецца новы турыстычны маршрут па славутых мясцінах Заслаўля і помнік яго заснавальніку — князю Ізяславу.
Зразумела, пабываць у Заслаўлі падчас урачыстасці пашчасціць не ўсім, але дачыніцца да Дня беларускага пісьменства можна і ў сваім раёне. Мерапрыемствы з нагоды свята адбудуцца ва ўстановах культуры, школах і садках, літаратурных суполках. Як расказалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі Вольга Сазановіч і Ніна Глацёнак, у ЦРБ адбудзецца інфармацыйная гадзіна «Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае свята», у дзіцячай бібліятэцы створана кніжная выстава «З крыніц беларускай спадчыны», у Сар’янскай — «З табою, кніга добрая!». Мультымедыйную прэзентацыю «Мастацтва старажытнай Грэцыі» падрыхтавалі работнікі Асвейскай бібліятэкі, выставу-прэзентацыю «Славутая зямля славутых продкаў» — Бігосаўскай, літаратурную гадзіну «Наша спадчына» — Шайцераўскай.
Уражвае кніжная выстава «З крыніц беларускай спадчыны», прадстаўленая ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. Тут сабраны рэдкія і каштоўныя выданні аб развіцці кнігадрукавання ў Беларусі, асветніках беларускай зямлі, творы айчыннай класікі. Не адарваць вачэй ад факсімільнага выдання да 1150-гадовага юбілею Полацка, фаліянта Вацлава Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», зборнікаў «Помнікі літаратуры Беларусі Х-ХVІІІ стагоддзяў»і «Сучасная беларуская проза». Наведвальнікі бібліятэкі могуць пазнаёміцца з выключна каштоўнай і прыгожай кнігай з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» — «Альбомом рисунков» Д.Струкава. Гэта ўнікальны збор замалёвак помнікаў архітэктуры, пейзажаў, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, створаных мастаком Д.М.Струкавым падчас экспедыцыі па Паўночна-Заходняму краю ў 1864-1867 гадах. Ён уключае каля 200 малюнкаў з каментарымі сучасных даследчыкаў і нататкамі самога аўтара. Выданне дае магчымасць убачыць усё багацце беларускай культуры, і перш за ўсё, яе згубленных шэдэўраў.
Увогуле, мяркуючы па апошніх паступленнях беларускай літаратуры, можна ўпэўніцца, што айчынныя выдавецтвы працуюць вельмі актыўна. Бібліятэка насычана значнай колькасцю беларускіх кніг. Загадчык аддзела камплектавання Таццяна Суздаленка паказала цэлыя стэлажы новых выданняў. Гэта і творы класікаў, і сучасная беларуская літаратура, і энцыклапедыі, і даведнікі, і метадычныя дапаможнікі, і кнігі для дзяцей. Паступілі кнігі з выдавецтваў «Беларуская энцыклапедыя» — 352 экземпляры на суму 15 млн рублёў, «Мастацкая літаратура» — 187 экземпляраў на 14,5 млн, «Беларусь» — 156 экз. на 8,7 млн. У ліку навінак такія адметныя выданні, як «Слуцкія паясы» В.А.Лазукі, альбом «Прырода захапляе», нарысы пра мастацтва Б.Крэпана «Вяртанне імёнаў», зборнікі «1418 дзён Вялікай Айчыннай вайны», «Беларусь у гады першай сусветнай вайны», «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны», кніга «Салдацкі лёс» В. Быкава. Усе выданні багата ілюстраваны, маюць цікавы змест і прывабны выгляд.
Бібліятэка плённа супрацоўнічае з хрысціянскім выдавецтвам «Экзархат», адкуль атрымана 300 тысяч экземпляраў на суму 8,8 млн рублёў.
Несумненна, многія з гэтых літаратурных навінак будуць прадстаўлены на Дні беларускага пісьменства, як узор выдавецкай дзейнасці. А нашы чытачы могуць імі карыстацца, наведваючы бібліятэку.
Бываючы тут, не абмініце ўвагай і самвыдатаўскія кнігі раённай бібліятэкі. Ёю выдадзены зборнікі ўсіх мясцовых аўтараў, даведнікі і буклеты. Напрыклад, нідзе больш не сустрэнеш такі змястоўны і ўпарадкаваны даведнік аб нашым горадзе «Верхнядзвінск ад А да Я». Паглыбляючыся ў творчасць аб родным краі, у гаючае гучанне роднай мовы, адчуваеш непарыўную сувязь з Бацькаўшчынай і стваральную моц яе вытокаў.
С.Дзвінская.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.