На крыжовых шляхах

Духовность

Ксёндз Арол - пробашч і дэкан забельскі
Ксёндз Арол — пробашч і дэкан забельскі.

Працяг.Як толькі з’явіўся чалавек, які горача любіць свой край, ахвочы да грамадскай працы, энергічны — ён нібы з-пад попелу вызваліў ужо гатовую згаснуць іскру, здабыў з-пад тоўшчы захаваны скарб — дух, здольны да вялікіх здзяйсненняў. Чалавекам тым быў каплан і ўзорны грамадзянін Антоні Арол. Ён не імкнуўся да пашаны і маёмасці, не дбаў пра зручнае жыццё, яго галоўнай думкай было шчырае жаданне служыць грамадству.
Ліцвін з паходжання, умеў ён спалучыць любоў да свайго народу з абавязкамі, якія накладала на яго праца сярод жыхароў. Ягонай разумнай і ўмелай рукой былі выкліканы да жыцця тры ўстановы, злучаныя адным духам, якія нібы дапаўнялі адна адну, ахопліваючы адной моцнай повяззю ўсякія праявы грамадскага жыцця: сельскагаспадарчы гурток, крэдытную касу і прадуктовы магазін. З той крыніцы плыло шырокім рэчышчам грамадскае жыццё, паляпшаўся дабрабыт людзей. Найлепшым доказам жыццёвасці тых устаноў сталі дзве сельскагаспадарчыя выставы, якія адбыліся ў 1908 і 1912 гадах, надзвычай маляўнічыя, з выстаўленымі 1500 экспанатамі. Нават суседняя Дрыса ўзяла ўдзел у апошняй выставе.
Недалёка ад Забелаў ёсць залежная ад міністэрыі прыватная малочная школа, так званая Хрусцялёўска-Бабятынская. Выкладаецца таксама рэлігія ў 7 земскіх школах.
Васямнаццаць год узначальваў Забельскую парафію кс. Яркевіч, затым кс. Кухарскі, кс. Меркель, пры якім тут быў усталяваны дэканат, кс. Войцік (5 год), нарэшце зараз ужо 9 год пробашчам і дэканам забельскім служыць вышэйназваны кс. Арол.
Даўней касцёлу забельскаму належалі вялікія багацці, з часам канфіскаваныя. Толькі кс. Кухарскаму ўдалося адсудзіць 21 дзесяціну зямлі на карысць касцёлу.
Мясцовы люд вельмі набожны, а вялікі касцёл, традыцыя і ладныя набажэнствы прыцягваюць шмат вернікаў нават з іншых парафій.
Касцёл велічны, мураваны, аб двух вежах, адзін з самых велічных у Літве і Беларусі. У ім 10 алтароў. Стыль касцёла і алтароў дамініканскі або віленскі (віленскае барока). У 1910г. кс. Арол здзейсніў грунтоўнае абнаўленне касцёла, справіў новы арган. Увогуле стан касцёла робіць вельмі станоўчае ўражанне. Ёсць шмат ладных абразоў, сапраўдных твораў мастацтва. Вельмі ўпрыгожвае касцёл ладная тэракотавая Крыжовая дарога.
Перад касцёлам стаіць вялікі дубовы юбілейны крыж, пабудаваны на памяць 1600-годдзя Эдыкту Канстанціна Вялікага. Касцёл злучаны калідорам з вялікай двухпавярховай плябаніяй, былым падамініканскім кляштарам. За касцёлам агарод і прыгожая алея.
(Працяг будзе).
А. Бубала.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *